МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр
(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.Кліпер-Чэхава, І.Масквін, М.Ліліна, М.Андрэева, А.Арцём, У.Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.Качалаў, Л.Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906),
«Сіняя птушка» М.Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.Тургенева (1909), «Гамлет» У.Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.Андроўская, М.Балдуман, М.Баталаў, А.Георгіеўская, Б.Дабранраваў, Н.Зуева, М.Кедраў, А.Ктораў, Б.Ліванаў, П.Масальскі, М.Прудкін, В.Сганіцын, А.Сцяпанава, А.Тарасава, В.Тапаркоў, М.Тарханаў, М.Хмялёў, К.Яланская, М.Яншын і інш.; рэжысёры Б.Вяршылаў, М.Гарчакоў, І.Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.Булгакава, У.Іванава, К.Транёва, А.Карнейчука, В.Катаева, Л.Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.Сіманава, А.Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (з А.Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.Гельмана, М.Рошчына, М.Шатрова, А.Мішарына. У т-ры працавалі І.Смактуноўскі, А.Калягін, Т.Дароніна, А.Папоў, А.Мягкоў, Т.Лаўрова, Я.Еўсцігнееў, К.Васільева, А.Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.Эфрасам, Л.Додзіным, М.Разоўскім, К.Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.Коласа і Я.Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.
т. 10, с. 181